Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Практычны матэрыял «Маленькія “адкрыцці” дзяцей 5-6 гадоў пры азнаямленні з мастацкімі творамі на беларускай мове»

Дата: 20 апреля 2023 в 12:25

Практычны матэрыял

«Маленькія “адкрыцці” дзяцей 5-6 гадоў пры азнаямленні з мастацкімі творамі на беларускай мове»

Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін у выхаванцаў да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй у працэсе пазнавальнай практычнай дзейнасці па змесце мастацкіх твораў.

Мастацкі твор: «Бацька і сыны», паданне.

Пазнавальная практычная дзейнасць: вопыт «Як разламаць венік» (перад чытаннем падання).

Мэта: развіваць мысленне, уменне аналізаваць аб’ект; выхоўваць пачуццё калектывізму.

Матэрыял і абсталяванне:  галінкі дрэва, стужка (20-30 шт.)

Ход. Дзеці бяруць па адной галінцы дрэва (бяроза).  Выхавальнік пытаецца, што з іх можна зрабіць, каб атрымалася прылада для працы (венік). Як будзем рабіць венік? (Трэба ўсе галінкі злучыць, параўняць канцы і звязаць стужкай).

Дзеці па чарзе спрабуюць зламаць венік, каб упэўніцца, які ён трывалы.

Выхавальнік наводзіць дзяцей на думку, што ёсць спосаб зламаць венік. Абмяркоўваюцца ўсе прапановы. Далей дзеці слухаюць паданне «Бацька і сыны» і параноўваюць вынікі сваіх прапаноў з тымі, што ў паданні.

Венік зноў разбіраецца на галінкі, якія дзеці з лёгкасцю ламаюць. Вывад. Калі ўсе разам – гэта моц і сіла. 

 

Мастацкі твор: «Бярозавы лісток», У. Скарынкін.

Пазнавальная практычная дзейнасць: эксперымент «Як навучыцца іграць на бярозавым лістку» (перад чытаннем верша).

Мэта: развіваць навыкі даследчай дзейнасці пры ўзаемадзеянні з бярозавым лістком для атрымання гукаў; выхоўваць цярплівасць, радасць ад атрымання выніку.

Матэрыял і абсталяванне: бярозавыя лісткі, музыка беларускага танца «Крыжачок».

Ход. Агледзецца навокал, адказаць: «Якія прадметы могуць стаць музычнымі інструментамі?» Якія гукі яны могуць перадаваць? 

Выхавальнік прапануе паглядзець, як бярозавы лісток ператвараецца ў музычны інструмент. Ён прыкладае лісток да вуснаў і дуе на лісток так, каб атрымаўся гук. Справа не простая. Трэба цярпенне, уменне па-рознаму прыкладаць лісток да вуснаў, па-рознаму дуць, каб атрымаць гук. 

Дзеці спрабуюць прымусіць лісток зайграць. Праз некалькі хвілін выхавальнік чытае верш «Бярозавы лісток», дзе хлопчык вельмі добра навучыўся іграць на бярозавым лістку як на гармоніку. «Бярозавы лісток» (У. Скарынкін)

А я пакуль не гарманіст. Прыклаў да вуснаў тонкі ліст – Што сілы дзьмухаю-іграю, Высокі гук ляціць над гаем. Цішэй падзьмухаю знарок,- Адкажа басам мой лісток.

А вы скачыце “Крыжачок”!

Уключаецца музыка беларускага танца «Крыжачок», дзеці падыгрываюць на сваіх музычных інструментах – бярозавых лістках.

Вывад.  Ва ўмелых руках многія рэчы могуць стаць музычнымі інструментамі.

Мастацкі твор: «Страшная казка»*, В. Вітка.

Пазнавальная практычная дзейнасць: назіранне за агеньчыкамі з цемры (па ходу чытання расказа).

Мэта: развіваць зрокавае і слыхавое ўспрыманне, аргументаваць свае доказы наконт прыроды агеньчыкаў; выхоўваць смеласць.

Матэрыял і абсталяванне: ліхтарык (на мабільным тэлефоне), цёмнае памяшканне.

Ход. Расказ чытаецца ў светлым памяшканні да слоў: «З цемры на іх глядзелі вялікія блішчастыя вочы. Якраз як у таго звера, пра якога бабка расказвала казку».

Затым дзеці пераходзяць у цёмнае памяшканне. Уключаецца ліхтарык.

Пры адказах на пытанні дзеці перадаюць свае ўражанні.

  • Што змянілася навокал?
  • Як вы сябе сталі адчуваць?
  • На што падобны агеньчыкі?
  • Прыдумайце самую вясёлую (самую страшную, самую праўдзівую) прыроду з'яўлення агеньчыкаў.

Дзеці зноў пераходзяць у светлае памяшканне, чытанне «Страшнай казкі» працягваецца.

Вывад. Бывае, што страхі чалавек сам сабе выдумляе.

 

Мастацкі твор: «Фарбы восені», П. Прануза.

Пазнавальная практычная дзейнасць: гульнявая праблемная сітуацыя

«Хто больш назаве колераў восені і правільна іх зафіксуе на паперы» (перад чытаннем верша).

Мэта: развіваць зрокавае (больш аб'ектаў убачыць і назваць іх колер) і слыхавое ўспрыманне (пачутыя колеры адлюстраваць на паперы); выхоўваць уважлівасць.

Матэрыял і абсталяванне: каляровыя алоўкі, папера, фішкі.

Ход. З дзецьмі на вуліцы праводзіцца дыдактычная гульня «Хто больш назаве колераў восені». Трэба назваць прадмет або аб'ект і яго колер. За правільныя адказы дзеці атрымліваюць фішкі. У каго больш фішак, той і пераможца.

У пакоі гульня працягваецца. Пры чытанні верша «Фарбы восені» дзеці каляровымі алоўкамі на паперы фіксуюць толькі пачуты колер. Затым колькасць колераў падлічваецца, параноўваецца паміж дзецьмі і тымі колерамі, за якімі яны назіралі на вуліцы.

Вывад. Трэба быць вельмі ўважлівым, каб выканаць заданне правільна.

Фарбы восені (П. Прануза)

Колькі фарбаў мае восень?

Паспрачаліся сябры.

Пеця кажа: “Можа восем”. Толя кажа: “Можа тры”. Выйшлі раніцай у поле,

Крочаць сцежкай спакваля.

Рунь

Зялёны мае колер, Чорны – Свежая ралля.

Полымем прыгожым, сінім, Дагараюць васількі.

На срабрыстай павуціне Дробных кропель аганькі. Залаціста, жоўта ў лесе Гэтай слаўнаю парой.

Куст рабіны гронкі звесіў, Як аблітыя зарой.

А бярозы, як сястрычкі – Ў кожнай – беленькі хвартух,

Над празрыстаю крынічкай Збегліся, пасталі ў круг. Сад палае ад ранетаў, Бы паселі снегіры. Каля школы многа кветак Ці касцёр такі гарыць?

З клёнаў лісце ападае – Светлай чырвані ручэй.

Колькі ж фарбаў восень мае? Хто падлічыць з вас хутчэй?

 

Мастацкі твор: “Дзе Оля?”, А. Зэкаў.

Пазнавальная практычная дзейнасць: мадэляванне “Дзе знаходзяцца дзяўчынкі?” (па ходу чытання верша)

Мэта: развіваць уменне працаваць у адным тэмпе; практыкаваць у запісу верша піктаграмамі; выхоўваць цікавасць да лагічных загадак.

Матэрыял і абсталяванне: аркуш паперы, аловак (на кожнага з дзяцей).

Ход. Прачытаўшы першы раз верш (не да канца), выхавальнік прапануе пры другім чытанні дзецям “запісаць” яго піктаграмамі: елачка – гэта лес; траўка – луг; вертыкальныя штрыхі – поле; сілуэт хаткі – хата; дрэва з яблыкамі – сад.

Алеся – у лесе,

Люся – у лузе,

Поля – у полі,

Каця – у хаце, Надзя – у садзе, Там і Ядзя.

Калі верш усе запісалі, перад дзецьмі ставіцца задача, якую трэба рашыць (чытаюцца вершаваныя радкі далей):

А дзе Оля, Калі Поля

Разам з Оляй?

Абмяркоўваюцца здагадкі дзяцей. Вывад. Оля і Поля ў полі. 

Спіс выкарыстаных крыніц.

  1. Учебная программа дошкольного образования. - Минск : Нац. Ин-т образования, 2019. – 479 с.

        2.. Дукса М.М. Працавітае сонца. Вершы. – Мінск: “Юнацтва”, 1994.

  1. Жывая кніга прыроды: Дапам. для педагогаў дашк. устаноў / Уклад.

І.С. Марачкіна. Пад рэр. Я.Р. Лецкі. – Выдавецтва 2Бацькаўшчына”, 1997. – 199 с.

  1. Зэкаў, А.М. На арэхавым кані. Вершы. – Мн., “Мастацкая літаратура”, 2003.
  2. Прануза П.К. Звініць ручаёк. Вершы. – Мінск: “Юнацтва”, 1988.
  3. Читаем детям : хрестоматия : пособие для педагогов учреждений дошк.

образования. В 3 т.  От 5 до 7 лет. / сост. А.И. Саченко, Л.А. Смаль. – Минск : Экоперспектива, 2015. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.